Страницы меню навигации

"БИП - Институт правоведения"

Частное учреждение образования

Знакамітыя мінчане ХІХ – ХХ стст. Мінск і Міншчына ў гады Першай сусветнай вайны: людзі і вайна

Знакамітыя мінчане ХІХ – ХХ стст. Мінск і Міншчына ў гады Першай сусветнай вайны: людзі і вайна

9-10 красавіка 2014 г. адбылася VІІІ міжнародная навуковая канферэнцыя “Знакамітыя мінчане ХІХ – ХХ стст. Мінск і Міншчына ў гады Першай сусветнай вайны: людзі і вайна”.

Мерапрыемства традыцыйна арганізоўваецца Польскім інстытутам у Мінску і БІП. Адкрываючы пленарнае пасяджэнне, прарэктар па навуковай рабоце Васіль Банько адзначыў, што лік падобных навуковых мерапрыемстваў, наладжаных сумесна БІП і Польскім Інстытутам, даўно стаў двухзначным: акрамя серыі канферэнцый на тэматыку беларускай сталіцы, удала рэалізаваны шэраг іншых падобных праектаў па гісторыі і культуры Беларусі. Іх вынікі прадстаўлены ў адпаведных зборніках і атрымалі самыя высокія ацэнкі спецыялістаў. Таксама прывітала прысутных дырэктар Польскага Інстытута Уршуля Дарашэўска, адзначыўшы высокі ўзровень гэтай серыі канферэнцый і пажадаўшы плёну сёлетнім сустрэчам.

Навуковы ўзровень чарговага форума вызначалі галоўным чынам дактары і кандыдаты навук. Як заўсёды, прадстаўніцтва Польшчы было самавітым. Гэта – дактары навук Мацей Мроз (Вроцлаў), Здзіслаў Вінніцкі (Вроцлаў), Раман Юркоўскі (Ольштын), Збігнеў Ендрыхоўскі (Вроцлаў), Мікалай Іваноў (Аполь). Беларускі бок быў не менш рэпрэзентатыўным. Дастаткова адзначыць дактароў навук Імануіла Іофэ, Анатоля Шаркова, кандыдатаў навук Валянціна Мазеца, Анатоля Вялікага, Алену Манкевіч, Алеся Бразгунова – іх імёны шырокавядомыя ў гуманітарнай навуцы як на Беларусі, так і ў замежжы. З боку БІП у канферэнцыі прыняў удзел з дакладам кандыдат навук Анатоль Трафімчык.

Гэтае навуковае мерапрыемства заўсёды прываблівае не толькі гісторыкаў, але і філолагаў. Таму і тэматыка, якая сёлета факусіравалася на падзеях Першай сусветнай вайны, атрымалася даволі шырокай і стракатай. Аднак назіраўся і пэўны ўхіл. Так, прыкметная колькасць дакладаў была прысвечана паўсядзённаму жыццю людзей Мінска і рэгіёна ў ваеннае ліхалецце. Шмат якія матэрыялы ўводзяцца ўпершыню ў навуковы зварот і дазваляюць часам па-іншаму, пераасэнсавана глянуць на наша мінулае стогадовай даўніны.

Вынікі гэтай канферэнцыі, як і папярэдніх, плануецца падаць асобным выданнем. Таму з імі будзе мець магчымасць азнаёміцца кожны жадаючы.